Сцэнарый ранішніка
(На сцэне дзяўчынка і хлопчык у нацыянальных касцюмах.)
Хлопчык.
        Мяжуе з Польшчай, Украінай,
        Расіяй, Латвіяй, Літвой
        Твой родны край, твая Айчына,
        Жыццё тваё і гонар твой.
        I ты яе запомні імя,
        Як неба, сонца і зару.
        Твая зямля, твая Радзіма
        Названа светла — Беларусь.(Ю. Свірка.)
Дзяўчынка.
        Я — дзяўчынка-беларуска
        3  васільковымі вачыма.
        Хоць малая, але знаю:
        Беларусь — мая Радзіма.
        Васількі ў світальным жыце.
        Вербы ніцыя над Сожам.
        Беларусь: Бярэсце, Свіцязь,
        Налібокі і Каложа.(П. Панчанка.)
Вядучы. Мы нездарма назвалі ранішнік «Беларусь мая сінявокая». На нашай зямлі багата рэк, азёр, а ў жыце ўлетку цвітуць блакітныя васількі. Беларусь — наша Радзіма. А — з чаго пачынаецца Радзіма? 3 песні маці,-з роднага слова. Паслухаем вершы пра Беларусь.
Хлопчык.
        Ёсць на свеце нямала прыгожых узлессяў,
        Ёсць на свеце нямала чароўных дарог,
        Толькі самыя лепшыя словы і песні
        Для цябе я навекі збярог.
        Як гаючы бальзам, п’ю твой вецер ласкавы
        I шапчу табе словы адданай любві.
        I не трэба ў жыцці мне пашаны і славы,
        Толькі сынам сваім назаві.(Г. Бураўкін.) 
Дзяўчынка.
        Ад ветру гнуцца вербалозы,
        Бяжыць дарога напрасткі.
        Мой край — бялюткія бярозы
        Абапал сіняе ракі.
        Высока ў небе вырай кружыць:
        Ляціць за сіні небакрай.
        Не забывай ніколі, дружа,
        Сваю зямлю, свой родны край.
        Мой край —лугі і пералескі,
        Крыніцы звон і шум лясны,
        Мой край — блакітныя пралескі
        На сцежках ранняе вясны.(Вера Вярба.)
Вядучы. Мы, беларусы, ганарымся сваімі славутымі продкамі: Ефрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім, Францыскам Скарынай. Нашы выдатныя пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Элаіза Пашкевіч, Канстанцыя Буйло марылі аб незалежнай Беларусі з уласнай мовай і культурай і сваёй творчасцю, сваімі справамі набліжалі гэты час. Яны любілі наш край і гэтую любоў адлюстроўвалі ў вершах.
Дзяўчынка.
        Люблю наш край, старонку гэту,
        Дзе я радзілася, расла,
        Дзе першы раз пазнала шчасце,
        Слязу нядолі праліла.
        Люблю народ наш беларускі,
        Іх хаты ў зелені садоў,
        Залочаныя збожжам нівы,
        Шум нашых гаяў і лясоў…
        I песню родную люблю я,
        Што дзеўкі ў полі запяюць,
        А тоны голасна над нівай
        Пераліваюцца, плывуць.
        Усё ў краю тым сэрцу міла,
        Бо я люблю край родны мой,
        Дзе з шчасцем першым я спазналась
        I з гора першаю слязой.(К. Буйло.)
Вядучы.
        Багатая беларуская мова прыказкамі, прымаўкамі. Памерлі ўжо людзі, якія сказалі мудрыя словы, а прыказкі працягваюць жыць.Дзяўчынка і хлопчык (па чарзе).
        Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
        Родная зямелька, як зморанаму пасцелька.
        На Радзіме і паміраць лягчэй.
        У родным лесе і куст родны.
        У сваім краі, як у раі.
Вядучы. А зараз правядзём гульню-конкурс «Хто хутчэй?». Будзем чытаць скорагаворкі.
- Ехаў Пракоп з Пракопіхаю і малым Пракапяняткам.
- На рэчцы Лука спаймаў рака ў рукаў.
Вядучы. Сёння мы падрыхтавалі і хвілінку-весялінку.
(Дзеці па чарзе расказваюць кароткія смешныя гісторыі.)
Маленькі хлопчык прынёс дадому чарапаху.
— Навошта яна табе? — пытаецца маці.
        — Хачу праверыць, ці праўда, што яна жыве 200 гадоў. 
* * *
— Марынка,  ты  вельмі   непаслухмяная дзяўчынка. Адны непрыемнасці праз цябе. Я ўся  пасівела.
        — Мамачка, калісьці і ты,- напэўна, не слухалася. Паглядзі, колькі сівых валасоў у бабулі.
* * *
— Дзядуля, а ты быў маленькі?
        — А як жа, унучак. I ў першы клас хадзіў, як і ты.
        —
        Відаць, смешны быў ты ў школе са сваёю барадою?
* * *
— Ты не бойся,  — супакойвае  маці сына перад кабінетам зубнога ўрача.
  — Нічога  тут табе не зробяць.
        —
        Тады чаго мы сюды прыйшлі?
Вядучы. Ці любіце вы загадкі? А як вы думаеце, для чаго загадваюць загадкі? Правільна, яны вучаць думаць,  развіваюць кемлівасць, фантазію.
        Дык давайце падумаем разам.
- Жывы — чорны, памрэ — чырвоны. (Рак.)
- Зубастыя, а не кусаюцца. (Граблі.)
- Высока стаіць, навокал глядзіць, у белай кашулі і люльку курыць. (Комін.)
- Каля носа ўецца, а ў рукі не даецца. (Дым.)
А цяпер вы самі загадайце загадкі, і мы ўсе будзем іх адгадваць.
(Дзеці прапануюць загадкі.)
Вядучы. Паслухайце  адну гісторыю.
        Ці то  полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны  тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся.  Прыселі. Раптам чуюць — спявае нехта. Прыслухаўся першы:
        — Відаць, жаўранак. Нё, — кажа другі, — гэта лес шуміць. А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:- Ды гэта ж зямля наша спявае. 
Вось якая яна, наша зямля беларуская. Таму ў нас і песні, і танцы такія прыгожыя.
(Дзеці выконваюць падрыхтаваны па выбару настаўніка танец і ўсе разам спяваюць беларускую народную песню.)































 
    


